РУС БЕЛ ENG

Сяброўства мацнее

04.06.2018

Вось і перагорнута чарговая старонка школьнага жыцця. Застаюцца ў мінулым адзнакі, урокі, дамашнія заданні. На памяць прыходзяць самыя яркія моманты навучальнага года: перамогі, дасягненні і, бясспрэчна, сустрэчы з сябрамі. Вось і напрыканцы мая месяца навучэнцы і настаўнікі нашай гімназіі атрымалі чарговае запрашэнне ад беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” прыняць удзел у міжнародным конкурсе малюнкаў, прысвечаным 135-годдзю беларускага пісьменніка Янкі Маўра і ў свяце “Апошні званок” у беларускай нядзельнай школе “Вясёлка” г. Даўгаўпілса. Нашу дэлегацыю за мяжой сустрэлі гасцінныя гаспадары.

У першы дзень куратар беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” Людміла Сінякова арганізавала пазнавальную і змястоўную экскурсію па горадзе, падчас якой мы наведалі цікавыя мясціны г. Даўгаўпілса, пазнаёміліся з гістарычным мінулым горада. Пасля адбылася сустрэча нашай дэлегацыі з прадстаўнікамі беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, падчас якой былі падведзены вынікі сумеснага супрацоўніцтва і абмеркаваны шляхі дальнейшага ўзаемадзеяння.IMG 20180527 112326 На наступны дзень нашу дэлегацыю сустракалі ў Цэнтры беларускай культуры. З самай раніцы тут збіраліся вучні школы, іх бацькі, сябры, прадстаўнікі Даўгаўпілскай гарадской думы, Цэнтра беларускай культуры і беларускага консульства ў г. Даўгаўпілсе. Мерапрыемствы пачаліся са знаёмства з выставай малюнкаў, прысвечаным 135-годдзю беларускага пісьменніка Янкі Маўра. Удзел у конкурсе прынялі вучні школ г. Даўгаўпілса, Браслава і Глыбокага. У конкурсе прынялі ўдзел вучні ад 6 да 16 год у трох узроставых групах. Усе работы юных мастакоў прыцягвалі ўвагу прысутных сваёй непаўторнасцю, маляўнічасцю.

Пасля каардынатар праекта Радзіонава Алена падвяла вынікі міжнароднага конкурса. Рашэннем журы работы вучаніц Браслаўскай гімназіі Цеўловіч Ніны і Цеўловіч Лізаветы былі адзначаны лістамі падзякі, а Чэркас Анастасія атрымала Дыплом І ступені ва ўзроставай групе ад 9 да 12 год. IMG 20180527 122126Пасля ўсіх прысутных чакала цікавае і пазнавальнае мерапрыемства—віртуальнае падарожжа па творчасці Янкі Маўра і яго аповесці “Палескія рабінзоны”. Вучні і госці свята абмяркоўвалі дзеянні і ўчынкі герояў, супастаўлялі герояў са сваімі равеснікамі, разгадвалі крыжаванкі, збіралі пазлы, дзяліліся карыснай інфармацыяй, з якой пазнаёміліся падчас чытання і абмеркавання аповесці Я. Маўра. Прыемна было пачуць на свяце і беларускую мову, і народныя песні, і выразнае чытанне вершаў, і шчырыя ўсмешкі сяброў. Час ляціць вельмі хутка. Вось ужо звініць і апошні званок. Апошні ён для выпускнікоў школы, але не для нашага сяброўства. Наш удзел ва ўсіх згаданых мерапрыемствах стаў сведчаннем супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння таварыства “Уздым “ і Браслаўскай гімназіі. Будзем з нецярпеннем чакаць наступных сустрэч з нашымі сябрамі.