РУС БЕЛ ENG

Міжнародны семінар “Беларуская школа: шляхі развіцця. Вопыт інтэграцыі”

03.12.2015

28 лістапада 2015 года ў нашых латышскіх суседзяў у г. Даўгаўпілсе адбыўся міжнародны семінар “Беларуская школа: шляхі развіцця. Вопыт інтэграцыі”. Арганізатарам сустрэчы выступіла Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. Удзельнікамі семінара сталі супрацоўнікі Даўгаўпілскай школьнай управы, Генеральнага консульства РБ, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, настаўнікі школ і гімназій Даўгаўпілса, Рыгі, Краславы, Браслава. Дэлегацыю нашага раёна прадстаўлялі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Браслаўскай гімназіі Мацюкевіч Наталля Мікалаеўна і Чэркас Віта Іванаўна.


Праграма семінара была насычанай, але разам з тым цікавай і карыснай для ўсіх удзельнікаў. Спачатку мы пазнаёміліся з гісторыяй беларускіх школ Латгаліі, з вопытам работы беларускай школы пры таварыстве “Уздым”. За круглым сталом настаўнікі школ Латвіі і Браслава падзяліліся вопытам работы ў сваіх навучальных установах. Падчас работы семінара высветлілася, што ў нас агульныя праблемы, пытанні і планы. Развіццё і ўмацаванне міжнародных адносін у галіне адукацыі і выхавання –адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці Браслаўскай гімназіі. Таму мы спадзяемся, што супрацоўніцтва будзе паспяховым, плённым і паслужыць дальнейшаму ўмацаванню добрасуседскіх адносін паміж нашымі краінамі.